Index   Back Top Print

[ AR  - BE  - DE  - EN  - ES  - FR  - IT  - LA  - PL  - PT  - SW  - ZH_CN  - ZH_TW ]

АПОСТАЛЬСКІ ЛІСТ

ADMIRABILE SIGNUM

СВЯТОГА АЙЦА
ФРАНЦІШКА

ПРА ЗНАЧЭННЕ І ВАЖНАСЦЬ БЭТЛЕЕМСКІХ ЯСЛЯЎ

 

1. Цудоўны знак бэтлеемскіх ясляў, такі дарагі хрысціянскаму народу, заўсёды абуджае захапленне і здзіўленне. Прадстаўленне сцэны нараджэння Езуса само па сабе з’яўляецца простым і радасным абвяшчэннем таямніцы ўцелаўлення Божага Сына. Стаенка – нібы жывое Евангелле, якое сыходзіць са старонак Святога Пісання. Праз сузіранне сцэны Божага Нараджэння мы запрошаныя да духоўнага падарожжа, прывабленыя пакораю таго, хто стаўся чалавекам, каб сустрэць кожнага чалавека. Мы ўсведамляем, што Ён настолькі нас любіць, што становіцца адным з нас, каб і мы маглі ўтварыць з Ім адно.

Гэтым лістом я хацеў бы падтрымаць прыгожую традыцыю нашых сем’яў, якія рыхтуюць стаенку перад Божым Нараджэннем, а таксама звычай ставіць яе ў месцах працы, у школах, шпіталях, турмах, на плошчах… Гэта сапраўды ажыццяўленне творчай фантазіі, якая для стварэння малых шэдэўраў прыгажосці выкарыстоўвае самыя розныя матэрыялы. З дзяцінства мы вучымся ад бацькоў, а таксама дзядуль і бабуль працягваць гэты радасны звычай, які ўвасабляе багатую народную пабожнасць. Спадзяюся, што гэтая практыка не знікне, але наадварот, там, дзе прыйшла ў заняпад, будзе нанава адкрыта і адроджана.

2. Паходжанне бэтлеемскіх ясляў згоднае перадусім з некаторымі евангельскімі дэталямі нараджэння Езуса ў Бэтлееме. Евангеліст Лука кажа проста, што Марыя «нарадзіла Сына свайго першароднага. Спавіла Яго і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе» (2, 7). Езус быў пакладзены ў яслі, якія на лацінскай мове называюцца praesepium, адкуль паходзіць іх італьянскі адпаведнік presepe, што азначае «яслі».

Прыйшоўшы ў гэты свет, Божы Сын быў пакладзены ў тым месцы, куды прыходзяць есці жывёлы. Сена стала першай пасцеллю для таго, хто абя’віўся як «хлеб, які сышоў з неба» (Ян 6, 41). Гэтую сімволіку зразумеў св. Аўгустын разам з іншымі Айцамі Касцёла, калі напісаў: «Пакладзены ў яслях стаў нашым спажыткам» (Serm. 189, 4). Сапраўды, яслі хаваюць у сабе розныя таямніцы жыцця Езуса i набліжаюць іх да нашага штодзённага жыцця.

Але вернемся адразу ж да паходжання стаенкі, як мы яе разумеем. У думках адправімся ў Грэчыа, у Вале Рыеці, дзе хутчэй за ўсё затрымаўся святы Францішак, верагодна па дарозе з Рыма, і дзе 29 лістапада 1223 г. атрымаў ад папы Ганорыя ІІІ зацвярджэнне сваёй Рэгулы. Пасля падарожжа ў Святую Зямлю гэтыя пячоры асаблівым чынам нагадвалі яму Бэтлеемскі ландшафт. Магчыма таксама, што Бедачына быў пад уражаннем мазаік рымскай базылікі Марыя Маджорэ, якія прадстаўлялі нараджэнне Езуса ў непасрэднай блізкасці да месца, у якім, згодна са старажытнай традыцыяй, захаваліся дошкі ясляў.

Францішканскія крыніцы падрабязна апісваюць тое, што адбылося ў Грэчыа. За пятнаццаць дзён да святаў Божага Нараджэння Францішак паклікаў мясцовага жыхара па імені Ян і папрасіў дапамагчы яму ажыццявіць сваё жаданне: «Я хацеў бы ажывіць успамін Дзіцяці, якое нарадзілася ў Бэтлееме. Хачу паказаць Яго нягоды і чаго не мела Немаўля; як было пакладзена ў яслі на сена ў суседстве з валом і аслом». [1] Верны сябра, як толькі пачуў, адразу пайшоў падрыхтаваць у вызначаным месцы ўсё неабходнае, згодна з жаданнем святога. 25 снежня з розных куткоў у Грэчыа прыбылі многія браты. Прыйшлі таксама мужчыны і жанчыны з навакольных сядзібаў з кветкамі і паходнямі, каб асвятліць гэтую святую ноч. Калі прыбыў Францішак, то ўбачыў яслі з сенам, вала і асла. Людзі, якія збегліся, адчулі перад сцэнай Божага Нараджэння невымоўную радасць, якой не ведалі раней. Затым святар урачыста здзейсніў на яслях Эўхарыстыю, паказваючы сувязь паміж Уцелаўленнем Божага Сына і Эўхарыстыяй. Таму ў Грэчыа не было фігурак: стаенку ўтваралі і ажыўлялі прысутныя. [2]

Так нарадзілася нашая традыцыя: усе вакол пячоры, поўныя радасці, без ніякай дыстанцыі паміж падзеяй, якая адбываецца, і тымі, хто становіцца ўдзельнікам таямніцы.

Першы біёграф святога Францішка, Тамаш з Цэлана, адзначае, што ў тую ноч да простай і хвалюючай сцэны ён далучыў цудоўнае відовішча: адзін з прысутных бачыў Дзіцятка Езуса, якое ляжала ў яслях. Ад гэтых ясляў Божага Нараджэння 1223 г. «кожны з радасцю вярнуўся дадому». [3]

3. Святы Францішак у прастаце гэтага знаку здзейсніў вялікую евангелізацыйную справу. Яго вучэнне закранула сэрцы хрысціянаў і застаецца аж да нашых дзён сапраўднай формай новага прадстаўлення праз простыя рэчы прыгажосці нашай веры. З іншага боку, само месца, дзе была зроблена першая стаенка, выяўляе і абуджае гэтыя настроі. Грэчыа становіцца прытулкам для душы, якая ўкрываецца на скале, каб занурыцца ў цішыню.

Чаму бэтлеемскія яслі абуджаюць столькі захаплення і ўзрушваюць нас? Найперш таму, што паказваюць пяшчоту Бога. Ён, Стварыцель сусвету, прыніжае сябе да нашай мізэрнасці. Дар жыцця становіцца для нас усё больш таямнічым. Ён яшчэ мацней захапляе нас, калі мы бачым, што той, каго нарадзіла Марыя, з’яўляецца крыніцай і падтрымкай кожнага жыцця. У Езусе Айцец даў нам брата, які выходзіць нас шукаць, калі мы блукаем і губляем кірунак; вернага сябру, які заўсёды знаходзіцца побач; Ён даў нам свайго Сына, які прабачае нам і падымае з граху.

Усталяванне стаенкі ў нашых дамах дапамагае нам па-новаму перажыць гісторыю, якая адбылася ў Бэтлееме. Зразумела, Евангелле заўсёды будзе заставацца крыніцай для разумення і разважання над той падзеяй. Аднак прадстаўленне яе ў стаенцы дапамагае ўявіць сцэну, абуджае пачуцці, заахвочвае стаць удзельнікамі гісторыі збаўлення, сучаснікамі падзеі, якая жыве і з’яўляецца актуальнай у розных гістарычных і культурных кантэкстах.

Стаенка, пачынаючы з яе францішканскага паходжання, асабліва заахвочвае «адчуць», «дакрануцца» да ўбоства, якое Божы Сын выбраў для сябе праз сваё ўцелаўленне. Такім чынам гэта непасрэдны заклік наследаваць Яго шлях пакоры, убоства, прыніжэння, які вядзе ад бэтлеемскіх ясляў да крыжа. Гэта запрашэнне сустрэць Яго i міласэрна служыць Яму ў найбольш патрабуючых братах і сёстрах (пар. Мц 25, 31-46).

4. А цяпер я хацеў бы паразважаць над рознымі элементамі стаенкі, каб зразумець іх значэнне. Па-першае, прадставім кантэкст зорнага неба ў начной цемры і цішыні. Робім гэта не толькі дзеля вернасці евангельскім апісанням, але з увагі на яго значэнне. Падумаем, колькі разоў нашае жыццё атачала ноч. Але нават у гэтыя хвіліны Бог не пакідае нас адных і знаходзіцца побач, каб адказаць на галоўныя пытанні, якія датычаць сэнсу нашага існавання: хто я? адкуль я? чаму я нарадзіўся ў гэты час? навошта люблю? чаму цярплю? чаму памру? Каб адказаць на гэтыя пытанні, Бог стаўся чалавекам. Яго блізкасць нясе святло туды, дзе змрок, і асвятляе тых, хто праходзіць праз цемру цярпення (пар. Лк 1, 79).

Таксама варта звярнуць увагу на пейзажы, якія з’яўляюцца часткай стаенкі. Часта гэта руіны старажытных дамоў і будынкаў, якія ў некаторых выпадках замяняюць бэтлеемскую пячору і становяцца домам Святой Сям’і. Здаецца, што гэтыя руіны паўсталі пад натхненнем Залатой Легенды дамініканіна Якуба да Вараца (XIII ст.), у якой гаворыцца пра пэўнае язычніцкае перакананне, што Святыня Спакою ў Рыме разбурыцца, калі народзіць Дзева. Гэтыя руніны з’яўляюцца перадусім бачным знакам загінулага чалавецтва, усяго, што трапляе ў руіну, распад i расчараванне. Гэтая сцэна кажа, што Езус з’яўляецца навізной сярод старога свету і прыйшоў вылечыць і адбудаваць яго, каб вярнуць нашае жыццё i свет да першапачатковага хараства.

5. Колькі эмоцый павінна спадарожнічаць нам, калі мы ладзім у стаенцы горы, ручаі, змяшчаем авечак і пастухоў! Так мы ўсведамляем, што – як прадказвалі прарокі – усё стварэнне ўдзельнічае ў свяце прыйсця Месіі. Анёлы і зоркі-каметы – гэта знак таго, што мы таксама пакліканы вырушыць у дарогу, каб дайсці да пячоры i пакланіцца Пану.

«Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан» (Лк 2, 15), – так кажуць пастухі пасля таго, што абвясцілі ім анёлы. Гэтае простае апісанне дае прыгожы ўрок. У адрозненне ад многіх іншых людзей, занятых безліччу розных спраў, пастухі становяцца першымі сведкамі таго, што з’яўляецца істотным, – дару збаўлення. Менавіта найбольш пакорныя і найбяднейшыя здольныя прыняць падзею Уцелаўлення. Богу, які прыходзіць сустрэцца з намі ў Дзіцятку Езусе, адказваюць пастухі, адпраўляючыся да Яго, насустрач любові і ўдзячнаму захапленню. Менавіта сустрэча Бога з Яго дзецьмі дзякуючы Езусу нараджае нашую рэлігію і з’яўляецца яе непаўторнай прыгажосцю, якая асабліва выразна бачная ў стаенцы.

6. У нашых стаенках мы зазвычай змяшчаем шмат сімвалічных фігур. Перадусім жабракоў і людзей, якія не ведаюць ніякіх багаццяў, акрамя багацця сэрца. Яны таксама маюць поўнае права наблізіцца да Дзіцяткі Езуса, i ніхто не можа іх аддаліць ці адправіць ад такой імправізаванай калыскі, бо ўбогія вакол яе не ствараюць ніякага дысанансу. Убогія наадварот маюць прывілеі ў гэтай таямніцы, і найчасцей яны больш здольныя распазнаць прысутнасць Бога сярод нас.

Убогія і простыя людзі ў стаенцы нагадваюць, што Бог становіцца чалавекам для тых, хто найбольш патрабуе Яго любові і хто просіць Яго наблізіцца да іх. Езус, «ціхі і пакорны сэрцам» (Мц 11, 29), нарадзіўся ўбогім, вёў простае жыццё, каб навучыць нас зразумець тое, што з’яўляецца галоўным, і жыць гэтым. Стаенка выразна вучыць, што мы не можам паддацца зману багацця i розным мімалётным абяцанням шчасця. Палац Ірада на заднім плане, замкнёны, глухі да звеставання радасці. Праз нараджэнне ў яслях сам Бог распачынае адзіную сапраўдную рэвалюцыю, якая дае надзею і годнасць абяздоленым і адкінутым: рэвалюцыю любові, рэвалюцыю пяшчоты. Са стаенкі Езус з лагоднай моцаю заклікае дзяліцца з іншымі, бо гэта шлях да больш чалавечнага i братэрскага свету, з якога ніхто не выключаны і не адкінуты.

Дзеці, а нават дарослыя, любяць дадаваць да стаенкі іншыя фігуркі, якія, здаецца, не маюць сувязі з евангельскімі апавяданнямі. Аднак гэтае ўяўленне хоча паказаць, што ў новым свеце, які адкрывае Езус, ёсць месца для ўсяго, што чалавечае, і для кожнага стварэння. Ад пастыра да каваля, ад пекара да музыкі, ад жанчыны, якая нясе збаны з вадою, да дзяцей, якія бавяцца… – усё гэта прадстаўляе штодзённую святасць, радасць ад выканання звычайных спраў незвычайным чынам, калі Езус падзяляе з намі сваё Божае жыццё.

7. Паступова стаенка вядзе нас да пячоры, у якой знаходзяцца фігуры Марыі і Юзафа. Марыя – маці, якая цешыцца сваім дзіцем і паказвае яго тым, хто прыходзіць яго адведаць. Яе фігура нагадвае вялікую таямніцу, якая датычыць гэтай Дзяўчыны, калі Бог пастукаў у дзверы Яе беззаганнага сэрца. На звеставанне анёла, які прасіў Яе стаць Маці Бога, Марыя адказала поўнай і абсалютнай паслухмянасцю. Яе словы: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38) з’яўляюцца для ўсіх нас сведчаннем таго, як праз веру прысвяціць сябе Божай волі. Дзякуючы гэтаму «так» Марыя стала Маці Божага Сына, не страціўшы дзявоцтва, а нават асвячаючы яго дзякуючы Езусу. Мы бачым у Ёй Маці Бога, якая не трымае свайго Сына толькі для сябе, але просіць усіх быць паслухмянымі Яго слову і выконваць яго ў сваім жыцці (пар. Ян 2, 5).

Побач з Марыяй, у паставе абаронцы Дзіцяці і Яго Маці, стаіць святы Юзаф. Звычайна яго прадстаўляюць з кіем у руцэ, а часам таксама з лямпай. Святы Юзаф адыгрывае вельмі важную ролю ў жыцці Езуса і Марыі. Ён з’яўляецца апекуном, які нястомна абараняе сваю сям’ю. Калі Бог асцерагае яго перад небяспекаю з боку Ірада, ён не вагаецца вырушыць у дарогу і адправіцца ў Егіпет (пар. Мц 2, 13-15). Калі ж міне небяспека, ён з сям’ёй вернецца ў Назарэт, дзе стане першым выхавацелем Езуса – дзіцяці і падлетка. Юзаф насіў у сэрцы вялікую таямніцу, якая атачала Езуса і Марыю, яго абранніцу, і як чалавек справядлівы заўсёды давяраў Божай волі і спаўняў яе.

8. Сэрца стаенкі пачынае біцца, калі на Божае Нараджэнне мы кладзём у яе фігуру Дзіцяткі Езуса. Так Бог прадстаўляецца ў Дзіцяці, каб аддаць сябе ў нашыя абдымкі. У слабасці і кволасці Ён хавае сваю моц, якая ўсё стварае і перамяняе. Гэта здаецца немагчымым, але менавіта ў Езусе Бог быў дзіцем, і праз гэта хацеў паказаць прыгажосць сваёй любові, якая выяўляецца ва ўсмешцы i ў выцягванні рук да кожнага.

Нараджэнне дзіцяці выклікае радасць і захапленне, бо ставіць нас перад вялікай таямніцай жыцця. Бачачы ззяючыя вочы маладых сужэнцаў, якія схіляюцца над сваім нованароджаным сынам, мы разумеем пачуцці Марыі і Юзафа, якія, назіраючы за Дзіцяткам Езусам, адчулі прысутнасць Бога ў сваім жыцці.

«Бо жыццё аб’явілася» (1 Ян 1, 2), – так апостал Ян падагульняе таямніцу Уцелаўлення. Бэтлеемскія яслі паказваюць нам і дазваляюць дакрануцца да гэтай унікальнай i незвычайнай падзеі, якая змяніла хаду гісторыі і ад якой мы вядзем адлік гадоў перад і пасля нараджэння Хрыста.

Спосаб Божага дзеяння амаль ашаламляе, бо здаецца немагчымым, каб Ён адмовіўся ад сваёй славы дзеля таго, каб стаць чалавекам, такім як мы. Якая нечаканасць – Бог паводзіць сябе так жа, як мы: спіць, спажывае малако маці, плача і гуляе як усе дзеці! Як заўсёды, Бог нас здзіўляе, Ён непрадказальны, увесь час выходзіць па-за нашыя стэрэатыпы. Таму стаенка паказвае нам Бога, які ўваходзіць у свет, заахвочвае нас задумацца над нашым жыццём, якое стала часткай Божага жыцця; запрашае нас стаць Яго вучнямі, калі мы хочам дасягнуць канчатковага сэнсу жыцця.

9. Калі набліжаецца ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, у стаенку ставяць тры фігуры Мудрацоў. Назіраючы за зоркай, гэтыя мудрацы і багатыя валадары з Усходу вырушылі ў Бэтлеем, каб убачыць Езуса і ахвяраваць Яму дары з золата, кадзіла і міра. Гэтыя дары таксама маюць алегарычнае значэнне: золата ўшаноўвае каралеўскую годнасць Езуса; кадзіла – Яго боскасць; міра – Яго святую чалавечнасць, якая спазнáе смерць і пахаванне.

Аглядаючы гэтую сцэну ў стаенцы, мы пакліканы задумацца аб адказнасці кожнага хрысціяніна за распаўсюджванне Евангелля. Кожны з нас становіцца носьбітам Добрай Навіны для тых, каго сустракае, калі дае радаснае сведчанне аб сустрэчы з Езусам і аб любові да Яго праз канкрэтныя ўчынкі міласэрнасці.

Мудрацы вучаць, што да Хрыста можна прыйсці здалёку. Яны – багатыя людзі, мудрыя чужаземцы, якія прагнулі бясконцасці, якія вырушылі ў доўгае і небяспечнае падарожжа, якое прывяло іх у Бэтлеем (пар. Мц 2, 1-12). Калі яны з’яўляюцца перад Каралём-Дзіцяткам, іх напаўняе вялікая радасць. Іх не бянтэжыць беднасць атачэння. Яны, не раздумваючы, падаюць на калені і аддаюць Яму паклон. Стоячы перад Ім, разумеюць, што Бог так жа, як з незалежнай мудрасцю кіруе зоркамі, кіруе таксама хадой гісторыі, прыніжаючы магутных і ўзвышаючы пакорных. Безумоўна, пасля вяртання на радзіму яны расказалі пра гэтую цудоўную сустрэчу з Месіяй, даючы пачатак вандраванню Евангелля сярод народаў.

10. Стоячы перад стаенкай, мы ўспамінаем час дзяцінства, калі з нецярпеннем чакалі таго, каб ужо пачаць яе рабіць. Гэтыя ўспаміны вядуць нас да ўсё большага ўсведамлення вялікага дару, дадзенага нам разам з пераказанай верай. У той жа час пад іх уплывам мы адчуваем радасны абавязак даць магчымасць нашым дзецям і ўнукам удзельнічаць у тым самым досведзе. Не мае значэння, як зроблена стаенка. Яна можа быць заўсёды аднолькавай ці змяняцца штогод. Галоўнае, каб яна прамаўляла да нашага жыцця. Усюды і ў розных формах стаенка кажа пра любоў Бога – Бога, які стаў дзіцём, каб сказаць нам, наколькі блізка Ён знаходзіцца да кожнага чалавека, незалежна ад становішча, у якім ён знаходзіцца.

Дарагія браты і сёстры, бэтлеемскія яслі з’яўляюцца часткай прыгожага i патрабавальнага працэсу перадачы веры. Пачынаючы з дзяцінства, а пасля на кожным этапе нашага жыцця яны вучаць нас сузіраць Езуса, адчуваць Божую любоў да нас, адчуваць і верыць, што Бог з намі, а мы з Ім, усе як дзеці і браты дзякуючы гэтаму Дзіцяці, Сыну Бога і Дзевы Марыі. Усведамляць таксама, што ў гэтым заключаецца шчасце. У школе святога Францішка адкрыем сэрцы для гэтай простай ласкі, дазволім, каб са здзіўлення нарадзілася пакорная малітва: нашае «дзякуй» Богу, які пажадаў падзяліцца з намі ўсім, каб ніколі не пакінуць нас у самоце.

У Грэчыа, у Санктуарыі бэтлеемскіх ясляў, 1 снежня 2019 г., у сёмы год майго пантыфікату.

Францішак

_____________________________

[1] Tommaso da Celano, Vita Prima, 84: Fonti francescane (FF), n. 468.

[2] Пар. тамсама, 85: FF, n. 469.

[3] Тамсама, 86: FF, n. 470.



Copyright © Dicastero per la Comunicazione - Libreria Editrice Vaticana